Francis Skaryna Belarusian Library and Museum in London

Francis Skaryna Belarusian Library and Museum in London Belarusian Library in London Over decades, it has been instrumental in encouraging Belarusian studies around the world.
(1)

The Francis Skaryna Belarusian Library and Museum is the only institution of its kind outside Belarus - collecting and providing access to the Belarusian heritage. Its collections and programme of events are open to anyone with interest in Belarus.

Запрашаем на сымпозіюм ў Скарынаўскай бібліятэцы — офлайн і онлайн.У праграме:• моўная і скарыназнаўчая спадчына айца На...
17/08/2026

Запрашаем на сымпозіюм ў Скарынаўскай бібліятэцы — офлайн і онлайн.

У праграме:

• моўная і скарыназнаўчая спадчына айца Надсана,
• пытаньні беларускае тоеснасьці і традыцыйнай культуры,
• мова дыяспары,
• рэдкія выданьні Скарынаўкі,
• рэлігійная гісторыя,
• сучасныя беларусістычныя дасьледаваньні,
• і іншае

Поўная праграма сымпозіюму і рэгістрацыя для гасьцей па спасылцы ў камэнтары.
Пішыце ў асабістыя па спасылку ў зум, каб далучыцца онлайн.

Мовы: беларуская і ангельская.

9 жніўня — 100 гадоў з дня нараджэньня Янкі Запрудніка (1926–2022)Сёньня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня Янкі Зап...
09/08/2026

9 жніўня — 100 гадоў з дня нараджэньня Янкі Запрудніка (1926–2022)

Сёньня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня Янкі Запрудніка (сапр. Сяргей Вільчыцкі) — гісторыка, публіцыста, аднаго з найбольш выбітных дзеячоў беларускай пасьляваеннай эміграцыі, чалавека, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў беларускай справе.

Прайшоўшы шлях ад лягераў для перамешчаных асобаў у Нямеччыне празь Вялікую Брытанію, Бэльгію і Злучаныя Штаты Амэрыкі, ён стаў адным з галоўных інтэлектуалаў беларускай дыяспары і аўтарам працаў, што адкрылі гісторыю Беларусі англамоўнаму сьвету.

У калекцыі Скарынаўскай бібліятэкі захоўваецца шэраг унікальных матэрыялаў, зьвязаных з жыцьцём і дзейнасьцю Янкі Запрудніка. Сярод іх — падшыўка часопіса «Наперад», які ён выдаваў разам з адзінадумцамі. Асаблівую каштоўнасьць мае першы нумар, надрукаваны яшчэ ў дарозе зь лягераў для перамешчаных асобаў у Нямеччыне ў Вялікабрытанію. У ім зьмешчаны верш маладога Запрудніка, падпісаны ягоным літаратурным псэўданімам Сяргей Ясень.

Таксама ў нашым архіве захоўваюцца партрэт Янкі Запрудніка студэнцкіх часоў працы Міхася Саўкі-Міхальскага, друкапіс ягонай доктарскай дысэртацыі з аўтарскім аўтографам, а таксама адно з галоўных дасьледаваньняў гісторыка — Belarus: At a Crossroads in History (1993) разам зь беларускім выданьнем «Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях» (1996). Гэта кніга ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў застаецца адной з найважнейшых англамоўных працаў па гісторыі Беларусі.

Сёньня споўнілася сто гадоў з дня нараджэньня айца Аляксандра Надсана — сьвятара, гісторыка, перакладчыка, рэлігійнага і...
08/08/2026

Сёньня споўнілася сто гадоў з дня нараджэньня айца Аляксандра Надсана — сьвятара, гісторыка, перакладчыка, рэлігійнага і грамадзкага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў і кіраўніка Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане. Ушаноўваючы памяць айца Аляксандра ў гэты дзень, мы працягваем асэнсоўваць ягоную ролю і значнасьць ягонага даробку.

Яшчэ пры жыцьці Аляксандра Надсана называлі чалавекам-інстытутам. Сапраўдны палімат, ён зрабіў значны ўнёсак у дасьледаваньне славянскіх старадрукаў і беларускіх татарскіх кітабаў, датаваў выданьне «Малой падарожнай кніжкі» Скарыны, напісаў важныя працы па рэлігійнай гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя. Ягоная бібліяграфія налічвае больш за 200 навуковых публікацыяў, сярод якіх — грунтоўны жыцьцяпіс біскупа Чэслава Сіповіча, які выйшаў на дзьвюх мовах і стаў важнай крыніцай для дасьледнікаў гісторыі беларускае царквы і дыяспары ў Вялікабрытаніі.

Найбольш маштабнай працай айца стаў пераклад біблійных і літургічных тэкстаў. Ён першым пераклаў велізарны корпус усходняе літургіі са старажытнагрэцкай на беларускую мову. Дзякуючы ягонай працы беларуская мова замяніла царкоўнаславянскую ў якасьці мовы літургічнай малітвы — спачатку ў лёнданскай капліцы сьвятых Пятра і Паўла, дзе айцец штодня маліўся за беларускі народ, а пазьней у многіх беларускіх цэрквах у Беларусі і за мяжой.

Як апостальскі візытатар для беларусаў замежжа, ён падтрымліваў і яднаў беларускія супольнасьці па ўсім сьвеце, наведваў асяродкі дыяспары і зьвяртаўся да беларусаў з рэгулярнымі велікоднымі і каляднымі пасланьнямі на Радыё Свабода. Ён заснаваў міжнародны Камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі, стаўшы адным зь першых на Захадзе, хто арганізаваў гуманітарную дапамогу пасьля Чарнобыльскай катастрофы.

Імя айца Надсана непарыўна зьвязанае з Скарынаўскай бібліятэкай. Разам зь біскупам Чэславам Сіповічам і айцом Львом Гарошкам ён стаяў ля яе вытокаў, а ад моманту яе афіцыйнага адкрыцьця ў 1971 годзе быў яе нязьменным кіраўніком і бібліятэкарам. Зь ім бібліятэка прайшла поўны шлях — ад заснаваньня і фармаваньня калекцыі, збору ахвяраваньняў на яе падтрыманьне, пошуку рэдкіх кніг на аўкцыёнах і ў букіністычных крамах па ўсім сьвеце і арганізацыі кнігаабмену зь бібліятэкамі ў Беларусі да клясыфікацыі калекцыі, парадкаваньня кніг на паліцах, працы з шматлікімі дасьледнікамі і наведнікамі і ўсёй процьмы вялікіх і дробных клопатаў, зь якімі зьвязанае жыцьцё бібліятэкі. Пад ягоным кіраўніцтвам бібліятэка стала адным з найбуйнейшых дасьледчых цэнтраў беларусістыкі і асяродкаў беларускае культуры на Захадзе. У тым, чым ёсьць бібліятэка сёньня, найперш ягоная роля і заслуга.

Але можна казаць і пра адваротны працэс уплыву, бо, зьбіраючы скарбы і фармуючы калекцыю, айцец сам фармаваўся як дасьледнік. Ці авалодаў бы ён арабіцай і ці стаў бы дасьледнікам кітабаў, калі б у бібліятэчную калекцыю не патрапіў татарскі тэфсір 1725 году? Магчыма, але можна сказаць з пэўнасьцю, што наяўнасьць пэўных крыніц уплывала на тэмы айцовых дасьледаваньняў. У Скарынаўцы ён быў ня толькі бібліятэкарам, але і першым, а часам галоўным дасьледнікам і чытачом.

Сёньня ўся Скарынаўская бібліятэка ёсьць вялікім мэмарыялам айцу Надсану. Тут ён жыў, прымаў наведнікаў і гасьцей, адсюль вёў велізарную карэспандэнцыю з заходнімі славістамі і сябрамі ды паплечнікамі зь беларускіх асяродкаў Амэрыкі, Канады, Аўстраліі, Польшчы, Францыі, Нямеччыны. Тут ён наладзіў выдавецкую дзейнасьць, друкуючы на ксэраксе бюлетэні, вярстаючы на старым Макінтошы і ўласнаручна пераплятаючы літургічныя зборнікі і гістарычныя дасьледаваньні.

Дзесяцігодзьдзямі бібліятэка была месцам ягонае навуковае і перакладніцкае працы. У ягоным былым кабінэце — цяпер гэта офіс бібліятэкі — захоўваюцца дзясяткі тамоў патрапаных слоўнікаў клясычных і сучасных моваў і біблійных лексыконаў, якімі штодня карыстаўся айцец-паліглёт. Згадваюцца ягоныя словы: «Слоўнікі карысныя толькі для тых, хто ведае мову». І ў гэтай сфэры яму не было роўных. Ён быў хіба апошнім, калі не адзіным нашым кніжнікам, які спалучаў веданьне старажытных моваў і пісьмовых помнікаў старажытнае ўсходняе традыцыі з надзвычайнай начытанасьцю ў сучаснай беларускай і заходняй літаратуры і зь любоўю да народнага слова й гумару.

Добры прыклад таму — ягоныя крытычныя артыкулы, як, напрыклад, «Скарына і ананасы» (ARCHE Скарына, № 3, 2001), дзе айцец з уласьцівым яму досьціпам разьбірае псэўданавуковыя публікацыі ў скарыназнаўстве, лёгка апэруючы лацінамоўнымі крыніцамі і дарэчна ўплятаючы ў тэкст цытаты зь беларускіх клясыкаў і жыцьцёвыя ўспаміны. Гэты адметны стыль палемікі — у ім пазнаецца таксама стыль айцовых казаньняў — робіць ягоныя самыя сур’ёзныя крытычныя тэксты захапляльнай чытанкай, часам падобнай да дэтэктыву. Артыкул «Caveat Lector» (ARCHE Скарына, № 1, 2002) — яшчэ адзін яскравы прыклад таго, наколькі адрозьніваўся айцовы навуковы і крытычны падыход, прыняты ў заходняй акадэміі, ад ідэалягізаваных псэўданавуковых публікацый некаторых беларускіх дасьледнікаў рэлігійнай гісторыі і духоўнае спадчыны. І як жа трапна гучаць словы Коласавага дзядзькі Антося пра клёцкі з сокам, якія Аляксандар Надсан нязмушана цытуе, падсумоўваючы сваю навуковую рэцэнзію!

Падобны крытычны падыход айцец выкарыстоўваў у сваёй працы як перакладнік біблійных тэкстаў. Крытычныя камэнтары Аляксандра Надсана да перакладу Псалтыра, якія захоўваюцца ў архіве Скарынаўскай бібліятэкі, — гэта параўнальнае дасьледаваньне, падобнага да якога не было ў беларускай біблістыцы. Яно ў тым ліку паказвае, як памылкі ў ранніх аўтарытэтных вэрсіях Псалтыра замацоўваліся ва ўжытку і пераносіліся ў беларускія ды іншыя пераклады, і прапаноўвае новыя, абгрунтаваныя варыянты перакладу.
Важнай часткай працы айца як бібліятэкара была падтрымка англамоўнай беларусістыкі, праца з заходнімі дасьледнікамі, удзел у імпрэзах Англа-беларускага таварыства. Ягоныя навуковыя артыкулы выходзілі ў часопісе The Journal of Byelorussian Studies, тут жа ён рэгулярна публікаваў бібліяграфіі выданьняў па беларускай мове, літаратуры і гісторыі. Няпоўная бібліяграфія працаў самога айца Надсана да 2009 году, апублікаваная на сайце Часасловец, паказвае абсяг ягонага навуковага і публіцыстычнага ўнёску, які яшчэ чакае агульнанацыянальнага асэнсаваньня.

Юбілейны год дае добрую нагоду для такога асэнсаваньня. Першыя Надсанаўскія чытаньні "Разуменьне свабоды", якія прайшлі сёлета ў Вільні, мелі на мэце прыцягнуць увагу навукоўцаў і шырэйшай беларускай супольнасьці да вывучэньня жыцьця, дзейнасьці і навуковай спадчыны Аляксандра Надсана. Гэта была першая міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная яму, якая сабрала дасьледнікаў розных галінаў — мовазнаўства, гісторыі, дыяспарных дасьледаваньняў, мастацтвазнаўства, біблістыкі, а таксама сьвятароў і прадстаўнікоў беларускай супольнасьці розных пакаленьняў — тых, хто ведаў яго асабіста, і тых, хто працягвае ягоную працу сёньня.

Віленскія чытаньні адкрылі праграму навуковых мерапрыемстваў да стагодзьдзя айца Аляксандра Надсана. У верасьні Скарынаўская бібліятэка супольна зь Інстытутам беларускае мовы правядзе моўны сымпозіюм у ягоны гонар, а ў кастрычніку на канфэрэнцыі катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту памяці айца плянуецца прысьвяціць асобную сэкцыю.

Першая грунтоўная манаграфія, прысьвечаная жыцьцю і дзейнасьці айца Аляксандра Надсана, сёлета рыхтуецца да выданьня ў выдавецтве «Скарына». Яе аўтар, Уладзіслаў Гарбацкі, на працягу некалькіх гадоў зьбіраў матэрыялы, дасьледаваў архіў айцовае карэспандэнцыі, публікацыі, шматлікія інтэрвію і сьвяточныя пасланьні ў мэдыях, апытваў сучасьнікаў, навукоўцаў, сяброў і былых студэнтаў айца. Вынікам гэтай працы стаў аповед, у якім айцец Аляксандар паўстае ня толькі як выбітны сьвятар, мысьляр і дасьледнік, але і як яркая і жывая асоба, сябар і настаўнік, чалавек з надзвычайным пачуцьцём гумару, любоўю і цікавасьцю да людзей і да жыцьця.

У новай царкве Сьвятога Кірылы Тураўскага літургічнае служэньне айца Аляксандра працягвае ягоны наступнік айцец Сяргей Стасевіч. 8 жніўня лёнданская беларуская супольнасьць ушанавала памяць айца Аляксандра супольнай малітвай і адведала месца ягонага спачыну на могілках у East Finchley. А таксама, на стагодзьдзе айца новае пакаленьне беларусаў пакінула ў Скарынаўскай бібліятэцы свой «Ліст у будучыню».

Да стагодзьдзя айца Аляксандра ў бібліятэцы адчынілася выстава ягоных публікацый, а таксама інтэрвію і артыкулаў, прысьвечаных айцу Аляксандру, якія публікаваліся ў беларускіх мэдыях. Наведнікі змогуць пагартаць ягоныя кнігі, артыкулы, бюлетэні і календары, многія зь якіх ён сам набіраў, вярстаў і друкаваў у Лёндане.

Жывучы ў эміграцыі і будучы носьбітам эўрапейскае інтэлектуальнае і культурнае традыцыі, айцец Аляксандар быў выразьнікам беларускае культуры і ідэнтычнасьці, зьбіральнікам і дасьледнікам беларускага скарбу. Ягоны навуковы і грамадзкі даробак і створаная ім Скарынаўка сталі нашым агульнанацыянальным набыткам. Няхай багатая спадчына айца Надсана працягвае натхняць новыя пакаленьні дасьледнікаў і працаўнікоў на беларускай ніве! Айцец калісьці сказаў сваім наступнікам: «Я зрабіў, што мог, – цяпер вы старайцеся!» То стараймася!

Караліна Мацкевіч

06/08/2026

Айца Надсана зьвязвала доўгае сяброўства з Старшынёй Рада Беларускай Народнай Рэспублікі - Рада БНР Івонкай Сурвіллай. Сёлета спадарыня Івонка ўзяла ўдзел у Надсанаўскіх чытаньнях, якія прайшлі ў красавіку ў Вільні. Ніжэй падаем лацінкаю тэкст ейнага выступу:

"Havaryłasia šmat padčas hetych Dnioŭ pamiaci, pryśviečanych ajcu Alaksandru Nadsanu, pra darahoha ŭsim nam śviatara, pra vydatnaha aŭtara, jaki napisaŭ vialikuju kolkaść navukovych pracaŭ, pra administratara Fondu dapamohi аchviaram Čarnobylu ŭ Bielarusi, pra matematyka, a pierad usim pra čałavieka, jaki paśviaciŭ žyccio svajoj Baćkaŭščynie — Biełarusi.
Chacieła b skazać z svajho boku niekalki słoŭ pra dobrazyčlivaha siabra, jakoha viedała dziesiatki hadoŭ — faktyčna ad 1951-ha hodu, jakoha bačyła na kanferencyjach, na sustrečach, na paśviačeńni biełaruskaha kryža ŭ Midłendzie i ŭ mnohich krainach śvietu, uklučna, biezumoŭna, u Finchley.
Što mianie ad samaha pačatku našaha siabroŭstva zachapiła, heta kolki ajciec Alaksandar naźbiraŭ kruhom ludziej, ź jakich chutka rabiŭ biełarusistaŭ.
Ja zaŭsiody ŭvažała, što adnym z najbolš cennych našych talentaŭ na čužynie była zdolnaść zdabyvać siabroŭ dla Biełarusi. Nieraz u našaj historyi inakš składalisia b abstaviny, kali b my mieli kruhom nas lajalnych siabroŭ. Takich u nas zaŭsiody nie chapała. Kab byŭ u prezydenta Wilsona bielaruski Padareŭski, mo nam i ŭdałosia b zachavać niezaležnaść u 1918-m hodzie...."

Чытайце тэкст выступу цалкам на нашым сайце.

На 95-годзьдзе Гая Пікарды сваімі ўспамінамі дзеліцца Jim Dingley:"Упершыню я сустрэў Гая, здаецца, у 1965 годзе — прыкл...
26/07/2026

На 95-годзьдзе Гая Пікарды сваімі ўспамінамі дзеліцца Jim Dingley:

"Упершыню я сустрэў Гая, здаецца, у 1965 годзе — прыкладна тады ж, калі пазнаёміўся з Англа-беларускім таварыствам. Сустрэча адбылася ў памяшканьні лёнданскага Таварыства антыквараў у Бэрлінгтан-Гаўзе. Я быў уражаны яшчэ да пачатку сустрэчы. Цяпер я ўжо не памятаю, пра што была лекцыя, але добра памятаю уладкаванага ў даволі вялікім фатэлі старшыню, які ўзвышаўся над усімі, што цалкам адпавядала ягонаму статусу. Старшынём быў Гай..."

Чытайце па спасылцы ў першым камэнтары.

Памяці Гая Пікарды (1931–2007)20 ліпеня споўнілася 95 гадоў з дня нараджэньня Гая Пікарды — лёнданскага юрыста і музыкол...
23/07/2026

Памяці Гая Пікарды (1931–2007)

20 ліпеня споўнілася 95 гадоў з дня нараджэньня Гая Пікарды — лёнданскага юрыста і музыколяга, які на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў адкрываў сьвету беларускую культуру. Як напісаў у сваім некралёгу прафэсар Арнольд Макмілін, “мала хто з заходнікаў зрабіў больш для папулярызацыі беларускай культуры за мяжой, чым англа-францускі юрыст Гай Пікарда”.

Гай Пікарда нарадзіўся ў Тотэнгэме на поўначы Лёндану ў сям’і француска-брэтонскага і англа-ірляндзкага паходжаньня. Ягоны бацька быў вядомым францускім юрыстам. Ён скончыў самыя прэстыжныя ўнівэрсытэты Вялікай Брытаніі і Францыі, і яго чакала бліскучая юрыдычная кар’ера. У той жа час, яму было наканавана стаць адным з найбольш вядомых дасьледнікаў і папулярызатараў беларускае музыкі, гісторыі і культуры.

Гай любіў распавядаць сямейную гісторыю пра тое, як адзін зь ягоных францускіх продкаў, салдат Напалеонавай арміі, адмарозіў вуха падчас пераправы празь Бярэзіну ў 1812 годзе. Ягоная ж уласная цікавасьць да Беларусі пачалася дзякуючы ўсходняй царкоўнай музыцы, калі ён сьпяваў у хоры праваслаўнага сабору ў Парыжы. У 1950-я гады ён пазнаёміўся зь беларускай грамадой у Лёндане і хутка стаў яе неад’емнай часткай. З часам ён зрабіўся адной з ключавых асоб у разьвіцьці англамоўнага беларусазнаўства ў Вялікай Брытаніі — адзінай краіне ў сьвеце, дзе беларускія дасьледаваньні вяліся на сталай інстытуцыйнай аснове.

Гай быў ініцыятарам або актыўным удзельнікам амаль кожнай беларускай англамоўнай ініцыятывы: быў адным з заснавальнікаў і шматгадовым старшынём Англа-беларускага таварыства, сузаснавальнікам і сталым аўтарам The Journal of Belarusian Studies, перакладчыкам і ўкладальнікам значнага збору беларускіх царкоўных і народных сьпеваў. Дасканала валодаючы ангельскай мовай, ён імкнуўся сфармаваць на Захадзе іншае ўяўленьне пра Беларусь — не як занядбаную памежную тэрыторыю паміж Расеяй і Польшчай, а як краіну з самабытнай, старажытнай і багатай культурай і цывілізацыяй.

Гай быў шырока вядомы ў беларускіх асяродках і па-за межамі Вялікай Брытаніі. Ён ліставаўся зь некалькімі старшынямі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні, а ў 1969 годзе атрымаў ганаровае грамадзянства БНР. Ён падтрымліваў сувязі зь беларускімі кампазытарамі Віктарам Скорабагатавым і Анатолем Багатыровым і шмат гадоў уваходзіў у склад журы фэстывалю царкоўнай музыкі «Магутны Божа» ў Магілёве.

Гай быў адным зь першых апекуноў Скарынаўскай бібліятэкі і на працягу многіх гадоў адказваў за яе музычную калекцыю. Акрамя свайго значнага інтэлектуальнага ўнёску, ён шчодра папаўняў бібліятэчныя зборы, ахвяруючы кнігі, старадаўнія мапы, манэты і паштовыя маркі з сваёй прыватнай калекцыі.

Сёньня ў Скарынаўскай бібліятэцы захоўваецца каштоўны архіў Гая Пікарды: ягоныя дакумэнты, навуковыя артыкулы, ліставаньне і матэрыялы, якія яшчэ чакаюць сваіх дасьледнікаў. Сярод іх — і пашпарт грамадзяніна Беларускай Народнай Рэспублікі, выдадзены міжнароднаму адвакату Гаю Рэджынальду П'еру Пікарду ў Парыжы старшынём Рады БНР Міколам Абрамчыкам.

Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу ў Лёндане ўвайшла ў сьпіс ста найважнейш...
10/07/2026

Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу ў Лёндане ўвайшла ў сьпіс ста найважнейшых брытанскіх будынкаў першай чвэрці XXI стагодзьдзя.

Чытайце навіну тут: https://skaryna.org/be/беларуская-царква-ў-лендане-ў-сьпісе-100/

St. Cyril of Turau Belarusian Catholic Church

Tszwai So

Рэйтынг склала аўтарытэтная грамадзкая арганізацыя Twentieth Century Society, якая ўваходзіць у лік шасьці грамадзкіх арганізацый, упаўнаважаных касультаваць брытанскую дз....

Да нас дайшла сумная вестка — пайшоў з жыцьця Пётра Садоўскі, выбітны беларускі мовазнаўца, дыплямат і сябар нашай біблі...
06/07/2026

Да нас дайшла сумная вестка — пайшоў з жыцьця Пётра Садоўскі, выбітны беларускі мовазнаўца, дыплямат і сябар нашай бібліятэкі.

Пётра Садоўскі прысьвяціў жыцьцё беларускай мове і захаваньню роднай культуры. Ён быў адным з заснавальнікаў Народнага Фронту, першым амбасадарам Беларусі ў Нямеччыне, аўтарам кнігі ўспамінаў «Мой шыбалет». Узнагароджаны мэдалём Рады Беларускай Народнай Рэспублікі да стагодзьдзя БНР. Да апошняга заставаўся чалавекам прынцыпу — у 80 гадоў яго судзілі за выступ у абарону незалежнасьці Беларусі.

Пётра быў добрым сябрам нашага чытацкага клюбу і бібліятэкі. Пасьля апошняй сустрэчы ён напісаў нам:
«Дзякуй усім удзельнікам учорашняга абмеркаваньня за сяброўскі настрой і эмпатыю! Няхай адляцелыя птушкі не забываюцца на родныя гнёзды і гоні і абжываюцца ў новым краі, каб і другая, колісь чужая старонка, стала роднай разам з новай мовай і звычаямі... Шчасьця Вам!»

Светлая памяць. 🕯️

Address

37 Holden Road
London
N128HS

Alerts

Be the first to know and let us send you an email when Francis Skaryna Belarusian Library and Museum in London posts news and promotions. Your email address will not be used for any other purpose, and you can unsubscribe at any time.

Share